Дарэчы, толькі зараз заўважыў, што на беларускіх картах 1920-х гадоў, якія выдаваліся ў БССР (фота 1,2) і ў літаратуры таго часу (фота 3 - урывак з рамана "Крывічы" Зарэцкага, апублікаваны ў часопісе "Полымя" №4 1929 года) - назва майго роднага горада пісалася цвёрда "Маладэчна".
Лічыцца, што менавіта так праз цвёрдае "дэ" жыхары спрадвеку называлі свой горад, а цяперашняе мяккае напісанне "Маладзечна" - гэта ўплыў польскай мовы, маўляў, змягчэнне адбылося ў часы Рэчы Паспалітай, калі афіцыйнай дзяржаўнай мовай была польская і пасля падзелаў назва перайшла ў рускую мову без зменаў, а ўжо з рускай мяккае "дзе" трапіла ў беларускую афіцыйную тапаніміку.
UPD. Механізм змягчэння мог быць іншы - пасля падзелаў РП пры транслітэраціі назваў беларускіх гарадоў з польскай мовы на рускую, расійскія чыноўнікі маглі машынальна цвёрдае польскае "е" (гучыць як рускае "э") замяняць на мяккае рускае "е", змягчаючы назву (прыкладна так беларускія Мёры ператварыліся ў Міоры, бо па-польску гук "ё" перадаваўся спалучэннем "іо", якое пры транслітэрацыі на рускую перадалі як "ио" - адсюль і Міоры).
Зрэшты, ужо на карце 1935 года (фота 4) назва горада пішацца мякка - Маладзечна.